ВУЛКАНАГЕ́ННА-АСА́ДКАВЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

паклады карысных выкапняў, якія ўтварыліся пры асаджэнні мінер. прадуктаў вулканічных вывяржэнняў на дне стараж. мораў і акіянаў, на астравах, уздоўж берагоў. Вулканагенны матэрыял на плошчы асадканамнажэння можа паступаць у растворах газу і гарачых вод вулканічнага паходжання, у адсарбіраваным выглядзе на паверхні часцінак попелу, як кампанент вышчалочвання лаў і попелаў. Формы пакладаў — пліты, пласты, жаўлакі. Вядомы вулканагенна-асадкавыя радовішчы жалеза, марганцу, медзі, цынку, свінцу, баксітаў, фасфарытаў і інш. Мяркуюць, што намнажэнні жаўлаковых руд жалеза і марганцу на дне Ціхага, Атлантычнага і Індыйскага акіянаў (жалезамарганцавыя канкрэцыі) таксама ўтварыліся з прадуктаў падводных вывяржэнняў маладых вулканаў.

У.Я.Бардон.

т. 4, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)